Андрэй Мартынюк: «Зладзілі мы “Балабуху”» — унікальны кінетычны тэатр-катрынка запрашае гледачоў у Станькава

Дзень сям’і ў Дзяржынскім раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці сёлета, у Год малой радзімы, адзначылі адмыслова. Наш славуты зямляк, майстар Андрэй Мартынюк, прэзентаваў свой новы праект – кінетычны тэатр “Балабуха”!

Спалучэнне добрых сімвалаў у гэтай падзеі невыпадковае. Арт-аб’ект прысвечаны работнікам культуры, рамеснікам, артыстам і метадыстам – усім, хто зберагае і памнажае скарбы беларускай духоўнасці. І менавіта ў гэтым ёсць сапраўдны патрыятызм, стваральная любоў да свайго краю. Аб’яднаныя ў творчую сям’ю, аматары народных мастацтваў Дзяржыншчыны, шчодра дораць свой талент людзям і Радзіме.

Пра гэта на ўрачыстым адкрыцці праекта казаў і намеснік старшыні Дзяржынскага райвыканкама Аляксандр Сяргеевіч Чаган. Таксама ён падкрэсліў вялікую выхаваўчую ролю ўнікальнага кінетычнага тэатра Андрэя Мартынюка:

Майстар прапанаваў цудоўны, дасканалы спосаб цікава і ярка распавесці пра нашых таленавітых землякоў, пра народныя беларускія традыцыі і рамёствы! У гэтым праекце наша нацыянальная культура ажывае ў дзеючых асобах і маляўнічых карцінах. Тэатр неабходна зрабіць абавязковым месцам наведвання для дзяцей і моладзі.

Андрэй Мартынюк некалькі гадоў выношваў ідэю драўлянага тэатра-катрынкі, паступова распрацоўваў механізмы, абдумваў “ролі”, “дэкарацыі”, “сцэнарый”… Атрыманы ў 2016 годзе грант Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дазволіў майстру часткова механізаваць працу: на выдзеленыя сродкі ён сабраў лазерны станок. Шэсцерні ўжо не трэба было вырабляць уручную, і ідэя нарэшце пачала ператварацца ў рэальнасць. Механізаваныя сцэны-пляцоўкі паступова напаўнялі ажурную канструкцыю вышынёй больш за два метры.

Да вырабу персанажаў далучылася таленавітая мастачка, дызайнер Наталія Ермаловіч. Па задумцы Андрэя, кожная лялька ў тэатры мае свайго рэльнага прататыпа сярод работнікаў культуры Дзяржынскага раёна, і Наталіі ўдалося перадаць гэта ў вонкавым падабенстве, а таксама ў характэрных дэталях і аксэсуарах. Над касцюмамі пашчыравалі майстрыхі Станькаўскага дома майстроў Вераніка Хрышчановіч і Кацярына Казакевіч.

І вось ужо сярод снежных гурбаў спяваюць “Шчодры вечар” вяскоўцы; падае ў непрытомнасці, патрабуючы да сябе ўвагі, каза; малады хлапец старанна лезе на масленічны слуп па прыз, а над усім лётае ў кававым кубачку вясёлая Баба Яга з памялом. Побач вакол купальскага вогнішча кружаццца дзяўчаты, майстрыхі-рукадзельніцы. У цэнтры трэцяй сцэны – вялізны мех Багач, ля якога найлепшыя спявачкі славяць працавітых землякоў і шчодрую родную зямлю. Чацвёртая пляцоўка прысвечана музыкам, якія дораць натхненне, лечаць душу, уздымаюць настрой.

Сам майстар прысутнічае ў тэатры ў шасці асобах – “адказвае” за працу механізмаў, асвятленне і музычнае суправаджэнне

Якім казачным святлом поўняцца вочы гледачоў, наведвальнікаў гэтага тэатра! Амаль аднолькавыя ў дзяцей і дарослых – захопленныя, натхнёныя. Дырэктар ДРЦКіНТ Лідзія Драчынская адзначае:

Кінетычны тэатр “Балабуха” – цэнтральны аб’ект пастаяннай выставы, абуладкаванай у раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці, што знаходзіцца ў вёсцы Станькава. Запрашаем усіх наведаць нашу экспазіцыю “У родным краю як у раю”. Упэўнены, што гэта выдатная нагода для сямейнага адпачынку. На такіх прыкладах нашы дзеці вучацца марыць і ствараць. Творчасць таленавітых майстроў спрыяе нараджэнню светлых, лепшых думак і пачуццяў у кожным з нас.

Андрэй Мартынюк больш за 20 гадоў працуе з дрэвам. За гэты час ім створана больш за 200 мадэляў гадзіннікаў, кінетычных скульптур і ўнікальных арт-аб’ектаў. Майстар крочыць ад адной грандыёзнай ідэі да другой, не спыняючыся ў творчым запале. Наступная яго задумка, вартая грамадскай увагі і дапамогі мецэнатаў,– стварэнне музея драўлянай механікі.

Няхай так і будзе! Хай славіцца добрымі справамі наша зямля, знаходзяць падтрымку і ажыццяўляюцца творчыя ідэі і праекты, а духоўнасць і павага да сваёй спадчыны мацуюць сем’і.

Паклон Майстру, “брава” майстэрству!

Дзяржынскі ДРЦКіНТ

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.