Усё менш застаецца сярод нас тых, хто каваў перамогу над фашызмам, быў сведкам тых жудасных дзён, месяцаў, гадоў. У вёсцы Хароміцкія гэта Уладзімір Фролавіч Звярынскі і Іван Андрэевіч Шыбко. Першы са зброяй у руках змагаўся з лютым ворагам спачатку ў радах партызан, а потым і ў дзеючай арміі.
У памяці І. Шыбко назаўсёды адклаўся халодны і дажджлівы май 1944 года. 11 мая на ўскрайку вёскі ўспыхнула жорсткая сутычка невялічкай групы партызан з карнікамі. Сярод мсціўцаў быў юны партызан-разведчык Марат Казей. Калі ён застаўся адзін, а навокал — многа фашыстаў, 14-гадовы герой вырашыў не здавацца, апошняй гранатай і цаной свайго жыцця знішчыў некалькі фашысцкіх захопнікаў…
З той трагічнай падзеі прайшло 70 гадоў. У дзень гераічнай гібелі М. Казея да помніка прыбылі школьнікі ў піянерскіх гальштуках з райцэнтра, а таксама Сямёнавіцкай сярэдняй і Лашанскай базавай школ, каб аддаць даніну павагі і памяці юнаму Герою Савецкага Саюза, ускласці жывыя кветкі да абеліска.
Мітынг-рэквіем распачалі супрацоўнікі раённага гісторыка-краязнаўчага музея Зоя Калкоўская і Кацярына Якубоўская. Яны цікава расказалі пра жыццё юнага змагара за свабоду і незалежнасць сінявокай Беларусі. Затым хлопчыкам і дзяўчынкам ветэран Вялікай Айчыннай вайны У. Звярынскі разам з лепшымі членамі раённай арганізацыі БРСМ павязалі піянерскія гальштукі. Былі таксама ўручаны білеты і значкі новым членам Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі.
…Неба хмурылася, стаяла халаднаватае надвор’е, як і 70 гадоў таму. Гэта нагадала моладзі аб тым, што і сёння жыве ў памяці юны герой Марат Казей…
Аляксандр ПІНДРАС.
Фота аўтара.
Источник: Узда. Узденский район | Чырвоная зорка. Районная газета — КАЛЯ ПОМНІКА ГЕРОЮ.










