Традыцыі яднаюць пакаленні

Дзяржынскі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці беражліва захоўвае традыцыі святкавання Вялікадня, перададзеныя нам пакаленнямі продкаў, напоўненыя сакральным сэнсам. Яны ўслаўляюць перамогу Святла і Жыцця на Зямлі, а таксама ў душы кожнага з нас.

Напярэдадні светлага свята ў клубных установах раёна праводзяцца тэматычныя мерапрыемствы, скіраваныя на захаванне, распаўсюджанне і развіццё народных традыцый. Майстры ўдзельнічаюць у конкурсах і семінарах, самі ладзяць майстар-класы для калег і насельніцтва.

Асабліва прыемны і запамінальны момант для любога творцы – гэта высокая ацэнка яго майстэрства. Таму рэгіянальнае свята-конкурс “Велікодная пісанка” ў Стоўбцах – у шэрагу самых яркіх падзей перадсвяточнага тыдня для рукадзельніц Станькаўскага Дома майстроў Дзяржынскага РЦКіНТ.

Дар’я Адамчук, Ала Балясава і Вольга Мешчаракова-Красюк старанна рыхтавалі “хатнія” калекцыі велікоднай пісанкі для конкурса. Кожнае аздобленае імі яйка – як асобная казка, чароўны сюжэт якой раскрываецца і ў спалучэннях колераў, і ў рысачках-кроплях традыцыйных узораў. На адным расцвітае “кветка”, прадказваючы шчаслівае каханне або доўгае жыццё; на другім, расправіўшы крылы, радасна ляціць да “сонейка” “птушка-душа”. А вось багаты “колас” дае падставу разлічваць на добры ўраджай, і “ягадныя гронкі” абяцаюць папаўненне ў сям’і… Усё гэта – самыя важныя, светлыя і шчырыя спадзяванні людзей, увасобленыя ў спрадвечных сціплых сімвалах-вобразах. Майстрыхі дэкаравалі яйкі ў традыцыйнай беларускай тэхніцы роспісу воскам. Тым не менш, нягледзячы на пэўнае стылёвае падабенства, кожная з іх прадэманстравала свой непаўторны мастацкі почырк.

Акрамя таго, уся экспазіцыя Дзяржынскага раёна на агульнай выставе ў Стоўбцах была прадстаўлена надзвычай цікава. Дзякуючы дапамозе майстроў-калег – Наталлі Ермаловіч і Андрэя Мартынюка, была створана адмысловая выставачная канструкцыя ў выглядзе вялікага залачонага яйка з палічкамі для размяшчэння пісанак. А Вольга Мешчаракова-Красюк уразіла калег арыгінальнымі ажурнымі кошыкамі, сплеценымі літаральна ў паветры з дапамогай 3D-ручкі.

У самай адказнай частцы конкурсу майстры “онлайн” выраблялі пісанкі на працягу трох гадзін. Мэтры народнай творчасці, што ўваходзілі ў склад журы, пільна назіралі за працай кожнага ўдзельніка, задавалі пытанні і ацэньвалі як мастацкі густ, так і тэхніку выканання, павагу да традыцый і наватарства ідэй.

Сёлета Вольга Мешчаракова-Красюк далучыла да ўдзелу ў творчым конкурсе і свайго старэйшага сына. Чатырохгадовы Ўладзіслаў шчыраваў над вырабам велікодных яек-“кропанак”– аднаго з відаў беларускага традыцыйнага роспісу воскам. Стараннасць маленькага мастака была адзначана Дыпломам “Самаму юнаму ўдзельніку V рэгіянальнага свята-конкурсу “Велікодная пісанка”. Вольга ўзнагароджана Дыпломам першай ступені ў намінацыі “Хатняя калекцыя”, Дар’я Адамчук атрымала Дыплом другой ступені ў намінацыі “Беларуская традыцыйная пісанка (аздабленне натуральных яек тэхнікай роспісу воскам)», Ала Балясава – Дыплом удзельніка.

Старшыня журы, прафесар, доктар мастацтвазнаўства, старшыня Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Яўген Міхайлавіч Сахута адзначыў:
– Яйка – сімвал адраджэння жыцця. Традыцыя роспісу яек мае такія глыбокія карані, якія дазволілі ёй перажыць стагоддзі, сацыяльныя змены і аднавіцца ў лепшыя часы, каб з’яднаць пакаленні.

Як вясна пасля зімы абуджае зямлю, адраджае колеры і, нарэшце, адорвае нас доўгачаканым сонечным цяплом, так і свята Ўваскрэсення Хрыстова нясе людзям радасць, надзею і ўратаванне.
Віншуем са светлым святам, дарагія землякі!

Дзяржынскі РЦКіНТ

Добавить комментарий