Да Вялікадня – творчыя падарункі

Напярэдадні свята майстры Дзяржынскага раёна звярнуліся да звязаных з ім нацыянальных традыцый. Тэматычныя майстар-класы і паспяховы ўдзел у рэгіянальным конкурсе сталі адментнымі падзеямі ў гэты тыдзень.

Супрацоўнікі аддзела рамесніцкай дзейнасці “Станькаўскі дом майстроў” ДУ “ДРЦКіНТ” прадстаўлялі Дзяржыншчыну на свяце-конкурсе “Велікодная пісанка” у Стоўбцах, дзе сёлета ўдзельнічала больш за 40 майстроў Мінскай, Гродзенскай і Брэсцкай абласцей. На працягу трох гадзін канкурсанты дэманстравалі свае ўменні і мастацкі густ у аздабленні яек, скарыстоўваючы разнастайныя тэхнікі: роспіс, шкробанку, крапанку, інкрустацыю і іншыя. Дар’я Адамчук, Ала Балясава і Вольга Мешчаракова-Красюк занялі другое месца ў намінацыі “Аздабленне натуральных яек тэхнікай роспісу воскам”.

– Свята дало майстрам з розных куткоў Беларусі выдатную магчымасць пазнаёміцца і павучыцца адзін у аднаго, – адзначаюць задаволеныя мастачкі.

А пазней Ала Балясава падзялілася сакрэтамі традыцыйнай тэхнікі роспісу воскам, правёшы майстар-клас ў Станькаўскім доме майстроў. Творчы ўрок па аздабленню велікодных яек быў арганізаваны менавіта па просьбе зацікаўленых землякоў і калег.

Цікавыя сустрэчы і творчыя стасункі стварылі сапраўды добры і светлы настрой для ўдзельнікаў гэтых мерапрыемстваў. А яны, ў сваю чаргу, шчыра падзеляцца ім з блізкімі, сябрамі, калегамі і вучнямі.

Наталия Трацевская
ДУ “ДРЦКіНТ”

Добавить комментарий