Страницы истории 1957 года: Сёння у́ Станькаве

Перед вами статья из газеты от 12 ноября 1957 года, посвященная жизни Станьково в середине XX века. Этот материал — живое свидетельство эпохи «хрущевской оттепели», когда страна переживала период перемен и надежд. В статье упоминается много фамилий, известных в Станьково и сегодня.

Сёння ў Станькаве

12 лістапада 1957 г., № 224 (1813)

Ф. АФАНАС’ЕУ,
старшыня Станькаўскага сельскага
Савета Дзяржынскага раёна

Стогадовая Сцефаніда Людвігаўна Драздоўская, склаўшы на каленях маршчыністыя рукі расказвала:

— Гэты стары парк, што за рэчкай, зямлі, лясы і сенажаці каля вёсак Кукшавічы, Коскі, Багрыцоўшчына, Васількова, Ружампаль, Забалоцце—ўсё некалі было графскае. Графы Чапскія былі багацей на ўсю ваколіцу. У заморскім віне купаліся, у шоўк адзяваліся. У мураваных палацах кожны дзень музыка грымела. Здалёк сюды госці з’язджаліся. Раскошна жылі графы Чапскія, ой, як раскошна!

Бабуля замоўкла на нейкі момант, абвяла вачыма сваіх слухачоў і цяжка ўздыхнула.

— А мы… Што гаварыць пра нас? Жылі, як Бог даваў. Зямелькі той было, як кот наплакаў, а многія зусім не мелі. Да Чапскіх у заработкі хадзілі. На досвітку ўставалі, вечарам дамоў вярталіся. Не сваё — графскае сеялі, жалі, малацілі. Капейкі за гэта атрымлівалі. Хлеб з мякінай да каляд елі, вясной лебядой жывіліся. Зраб’е насілі, у анучы і лапці абуваліся. Вунь за Станькавам вёска Лапцэвічы. Нездарма яе так калісьці празвалі. А вы, дзеткі, лапцей нават у вочы не бачылі.

— Кастрычніцкая рэвалюцыя,—кажу я бабулі,—змяніла жыццё сялян.

Яна ў знак згоды ківае галавой. У гутарку ўступае пажылы калгаснік Фёдар Паўлавіч Батура.

— У гэтую рэвалюцыю і для Станькава насталі светлыя дні. 30 год мне тады было. Колькі адразу зямлі, сенажаці прываліла. Помню, як лісткі з дэкрэтам аб зямлі на сценах нашых дамоў расклеілі. Чыталі мы гэты дэкрэт і плакалі ад радасці. Графскую зямлю, нашым потам палітую, падзялілі паміж сабою, жывёлай абзавяліся. А затым мы і з лапцямі развіталіся. А ў калгасы арганізаваліся—яшчэ лепш стала. Што-б ужо ў нас было, каб не фашысцкая навала! Яны-ж, паганцы, усё разбурылі, спалілі… А колькі людзей нашых знішчылі, колькі сірот засталося! Сумна ўспамінаць аб тых днях. Але людзі моцна за Савецкую ўладу трымаліся, змагаліся і перамаглі.

За сорак год вялікія змены адбыліся ў Станькаўскім сельсавеце. Каб расказаць аб усім, трэба напісаць вялікую кнігу. Я раскажу кораценька аб галоўным.

Тром калгасам нашага сельсавета дзяржаўнымі актамі навечна замацавана 3.726 гектараў ворнай зямлі, 1.679 гектараў сенажаці і выгону, 200 гектараў лесу. З любоўю адносяцца калгаснікі да гэтага багацця. Песцяць яны сваю зямельку, і яна ім за гэта шчодра плаціць. У калгасах «Звязда» і «Непераможны сцяг» штогод збіраюць з кожнага гектара па 10—13 цэнтнераў збожжа. А руплівы гаспадар—брыгадзір комплекснай брыгады калгаса «Звязда» Яўгеній Рабінін са сваімі паляводамі атрымлівае з кожнага гектара па 21 цэнтнеру ячменю і па 16 цэнтнераў азімага жыта.

На палях нашых калгасаў працуе 20 магутных трактароў, шэсць збожжавых і чатыры бульбаўборачныя камбайны, многа іншых машын. У сельсавеце працуе дзвесць спецыялістаў сельскай гаспадаркі. Навіны навукі паспяхова ўкараняюцца ў сельскагаспадарчую вытворчасць.

— Ніколі,—гаворыць бабка Сцефаніда,—у графоў Чапскіх на гэтай зямлі не радзіла так збажына. А жывёла! Не мелі графы такіх каровак. А пра сялянскія і гаварыць няма чаго—не было чым зацірку забяліць. А цяпер—адкуль што ўзялося!

І сапраўды, нядрэнныя каровы ў калгасах нашага сельсавета. Ад 1.800 да 2.500 кілаграмаў малака надоена ад кожнай за дзевяць месяцаў. Больш чым на тысячу кілаграмаў прыбыла кожная карова ў параўнанні з мінулым годам. Па 200—250 цэнтнераў малака атрымана на кожныя сто гектараў сельгасугоддзяў. Паспяховым выкананнем сацыялістычных абавязацельстваў сустрэлі саракагоддзе Кастрычніка жывёлаводы нашага сельсавета.

Вельмі шкада, што бабка Сцефаніда па сваёй старасці не можа пабываць на свінафермах суседніх калгасаў сельсавета. Яна ўбачыла-б, якіх свінаматак выгадавала ў «Непераможным сцягу» свінарка Яніна Лаўрыновіч, а ў калгасе імя Леніна—Люба і Надзя Дзядзюлі. Кожны тыдзень з калгасаў аўтамашынамі адпраўляюцца дзяржаве адкормачнікі. Па 10—12 цэнтнераў свініны атрымалі нашы калгасы на сто гектараў ворнай зямлі.

Добра аплачваецца старанная праца калгаснікаў. Вось хоць-бы ўзяць сям’ю ўдавы Яўгенні Лобач з калгаса «Звязда». Летась яна атрымала на працадні 1.143 кілаграмы збожжа, 3.783 кілаграмы бульбы і 4.160 рублёў грошай. А сёлета за сем месяцаў толькі авансам атрымала тону збожжа і звыш тысячы рублёў грошай. З поўным дастаткам у доме сустрэла яна вялікае свята.

Багата жывуць нашы калгаснікі. Кожная сям’я перад святам набыла многа абноў. У нашым сельсавеце цяпер вялікі попыт на шаўковыя і шарсцяныя тканіны, на шафы, дываны, нікеляваныя ложкі, радыёпрыёмнікі. Амаль кожная калгасная сям’я мае веласіпед, многія маюць матацыклы. А сям’я настаўніцы Марыі Бохан набыла аўтамашыну «Масквіч».

Штогод у нашых вёсках вырастаюць новыя прыгожыя дамы. Многія забудоўшчыкі бясплатна атрымалі ад дзяржавы лес, карысталіся дзяржаўнымі крэдытамі.

Да рэвалюцыі на тэрыторыі Станькаўскага сельсавета была толькі адна школа, дзе працаваў адзін настаўнік. Цяпер тут дзве сярэднія, дзве сямігадовыя і тры пачатковыя школы. 57 настаўнікаў працуе ў іх. Усе дзеці школьнага ўзросту ахоплены вучобай. У сельсавеце два клубы, хата-чытальня і сельская бібліятэка. У гэтых установах каля 10 тысяч кніг. Насельніцтва выпісвае 1.357 экзэмпляраў газет і часопісаў. Усе дамы ў сельсавеце радыёфікаваны.

Як расказвае Фёдар Паўлавіч Батура, да рэвалюцыі ў Станькаве быў толькі адзін фельчар, які абслугоўваў насельніцтва ў радыусе 20 кілометраў. Зусім іншая справа цяпер. У сельсавеце ёсць урачэбны ўчастак і фельчарска-акушэрскі пункт. Дзевяць медыцынскіх работнікаў абслугоўваюць насельніцтва сельсавета.

Такія змены адбыліся ў Станькаўскім сельсавеце, дзякуючы роднай Савецкай уладзе, Камуністычнай партыі. Змяніліся за гады Савецкай улады і людзі. Яны самааддана працуюць над умацаваннем калектыўных гаспадарак, над павелічэннем вытворчасці прадуктаў сельскай гаспадаркі. Усяму раёну вядомы жывёлаводы калгасаў сельсавета Віктар Лебядзевіч, Баляслаў Шпілеўскі, Павел Салява, Паліна Грамыка, Валянціна Лобач, Анна Досіна, Люба Кунцэвіч, Марыя Носава, Яніна Лаўрыновіч, Леаніда Лазар, Марыя Арцюшаўская, Вера Коска і многія іншыя. Гэта яны, не шкадуючы сіл, працуюць над вырашэннем пастаўленай партыяй задачы—у бліжэйшыя гады дагнаць Амерыку па вытворчасці прадуктаў жывёлагадоўлі на душу насельніцтва.

На Дошках гонару ў калгасах і сельсавеце красуюцца партрэты перадавых калгаснікаў-паляводаў Мікалая Бандарэвіча, Івана Іванчыка, Ніны Юхнавец, Міхаіла Лобача, Дзмітрыя Дзядзюлі, Міхаіла Чусоўскага. Ды хіба ўсіх пералічыш!

Наша калгаснае сялянства жыццё настойлівей будзе змагацца за далейшы ўздым сельскай гаспадаркі, за паспяховае выкананне задач, пастаўленых гістарычным XX з’ездам КПСС.

—

Примечание: Текст передан с сохранением орфографии белорусского языка 1950-х годов. Изображения не являются фотодокументами, сгенерировано с помощью ИИ.


За помощь в подготовке материала спасибо Игорю Калюжному


Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.