Родныя вобразы ў папяровых карунках

Вольга Мешчаракова-Красюк, майстар ДРЦКіНТ, жыхарка Станькава, стала Лаўрэатам V рэгіянальнага свята-конкурсу выцінанкі «Папяровыя карункі» ў Маладзечна.

Праграма творчага спаборніцтва складалася з дзвюх частак: у першай ацэньваліся загадзя падрыхтаваныя работы мастакоў, а ў другой – кожны з удзельнікаў павінен быў за тры гадзіны на месцы стварыць свой ажурны шэдэўр.

Талент Вольгі Мешчараковай-Красюк быў адзначаны перамогай у намінацыі “Лаканізм і выразнасць мастацкай мовы выцінанкі”.
Сваё натхненне яна знайшла ў харастве беларускай прыроды. Кожная з работ Вольгі – вынік мастацкага пераасэнсавання і ўвасаблення родных вобразаў у выцінанцы: птушкі песняй вітаюць світанак – вядзе за сабой новы дзень “Раніца”; таямніча варожыць на снежных узорах “Зімовая поўня”; пяшчотнае сонейка разгараецца над каранаванай кветкамі зямлёй у “Апошні дзень лета”; абяцае казачныя сны “Лістапад”…

– Работа “У пошуках”, у якай увасоблена ваўчыная зграя ў ельніку, – мая любімая ў сёлетняй калекцыі, – прызнаецца Вольга. – Магчыма, таму, што імкненне стварыць гэты цікавы вобраз у выцінанцы нарадзілася ў мяне ўжо даўно. І вось, нарэшце, склаўся той самы малюнак, які адпавядае задуманаму настрою сюжэта.

Сапраўды, калі разглядаеш работы маладой мастачкі, пранізліва адчуваеш іх дасканаласць. Гарманічнае спалучэнне форм, ліній, колеру прымушае ўбачаныя вобразы раскрыцца і загучаць сваёй асаблівай мелодыяй.

– Мастацтва выцінанкі старажытнае, але застаецца актуальным і сёння, – упэўнена майстар Вольга Мешчаракова-Красюк. – Тонкае спалучэнне вонкавай прастаты і элегантнасці папяровых карункаў цэніцца дызайнерамі ва ўсім свеце. Раю бацькам разам з дзецьмі абавязкова паспрабаваць далучыцца да гэтага цудоўнага віду творчасці. Урэшце, навагоднія папяровыя сняжынкі – таксама выцінанкі. А калі яшчэ пафантазіраваць і знайсці ажурнае ўвасабленне для пэўнай сямейнай падзеі, для сваіх мараў, настрою? Няхай жа творчасць аб’ядноўвае нас у лепшых памкненнях і пачуццях!

Дзяржынскі РЦКіНТ

Добавить комментарий