Сто пудоў адзіноты Нядаўна ў кнігарні я натрапіў на цудоўны
геаграфічны атляс. Атляс, які прэзэнтуе зямную
геаграфію ў тым выглядзе, у якім яна нібыта ніколі
не існавала — але ўсё ж існуе і почасту падаецца
больш рэальнай за свой кананізаваны прататып.
Атляс выдуманых пісьменьнікамі гарадоў і краін. На
першы погляд нічым не адметныя, мапы гэтага ат
—
лясу ўключаюць у сябе вялікія і малыя мясцовасьці,
створаныя выключна пісьменьніцкай фантазіяй — а
яна цалкам здатная да таго, каб падмяніць сабой
так званую рэальнасьць. Так ці інакш, так званай
рэальнасьці давялося пасунуцца. Нічога дзіўнага.
Чытач Вонэгута хаця б прыкладна ўяўляе сабе, дзе
знаходзіцца мітычная Рэспубліка Сан-Лярэнца, і
пры гэтым зь цяжкасьцю назаве месцазнаходжаньне
самай сапраўднай выспы Наўру. Чытач Маркеса
ведае, дзе знаходзіцца Маконда, і ня можа назваць
з ходу сталіцу Сурынаму. Мэтропаліс, Кіцеж, Смол
—
віль… Тое самае з Эльдарада і зямлёй Саньнікава.
Часам мы ведаем больш пра Тлён, чым пра пля
—
нэту, на якой жывем. І нават шчасьлівыя савецкія
чытачы Юліяна Сямёнава былі лепш абазнаныя ў
справах фіктыўнай краіны Нагоніі, чым якога-не
—
будзь рэальнага Султанату Брунэй (хаця геаграфію
ў СССР выкладалі куды лепей, чым сёньня).
182 гамбурскі рахунак бахарэвіча Лукаш Калюга 183
Беларускі пісьменьнік зь дзіўным, нетыповым
для таго часу псэўданімам Лукаш Калюга стварыў
як мінімум два населеныя пункты, якія заслугоў-
ваюць быць пазначанымі ў гэткім атлясе. Той, што
крыху большы, завецца Хлюпск — ужо не мястэчка,
яшчэ ня места, але з вучылішчам, турмой, царквой
і вакзалам. Той, што крыху меншы — звычайная
вёска пад назваю Баркаўцы, недзе на Меншчыне.
Пераважна ў тых Баркаўцах, але таксама трохі і ў
Хлюпску, разгортваецца дзея першай у новай бела-
рускай літаратуры сямейнай сагі — аповесьці «Ня-
доля Заблоцкіх». Гіпнатычнага твору, які настолькі
выбіваецца з усёй афіцыйна прызнанай прозы тых
часоў, што яго можна прыняць за нейкі пераклад.
Пераклад з калюганскай. Да якога ў маёй калекцыі
тэкстаў не пасуюць ніводная шуфлядка, ніводзін фу-
тарал — матэрыял ня той, а простае шкло тут ажно
пацее ад дыханьня цэлага статку пэрсанажаў.
Гэта не адзіны твор Калюгі, але, як на мяне, дык
галоўны; здаецца, менавіта яго ня мог напісаць
ніхто іншы ні ў воднай краіне, улучна з Нагоніяй і
Сан-Лярэнца. Сучасьнікі прыгадваюць, што Калюга
«любіў аловак» і пісаў «Заблоцкіх» на адваротным
баку канцылярскіх лістоў. Улічваючы дапаркеравую
эпоху, факт не выглядае чымсьці асаблівым. Але ўжо
сама гэтая фраза «Калюга любіў аловак» кажа пра
аўтара больш, чым усе даведнікі. Сымбіёз з рэччу,
поўнае зьліцьцё. Чалавек у пошуках чароўнай па-
лачкі. Аловак быў зь ім да апошніх дзён.
Арыштаваны на пачатку 30-х, ён быў сасланы ў
Сібір, потым трапіў у Чалябінскую вобласьць, біць
чалабітныя цару і перавыхоўвацца. Калюга не зрабіў
ні першага, ні другога — і тамсама, у выгнаньні, быў
паўторна асуджаны і расстраляны ў 28-гадовым
узросьце. О, гэтая наіўная бальшавіцкая вера ў
кулю… Быццам яна, куля, зможа некалі параўнацца
з кропкай. Быццам яна здольная замяніць аловак.
Можна сказаць, пісьменьнік сышоў у іншы сьвет пе-
раможцам. Пераможцам усеагульнага страху: Яўген
Лецка піша ў сваёй прадмове да зборніку Калюгі:
«Да гонару пісьменьніка… трэба сказаць, што ён
быў адным зь нямногіх, хто ні вусна, ні ў друку не
выступаў зь якімі-небудзь абвінавачаньнямі, разно-
снай крытыкай на адрас тых, каго білі ці зьбіраліся
біць, не каяўся за памылкі ўласныя, якіх не было,
але якія прымушалі прызнаць. Такога тэарэтыкі
і практыкі чалавеканенавісьніцтва дараваць не
маглі». Ён сышоў пераможцам часу — напісанае ім
засталося і прачыталася. І, галоўнае, пераможцам
прасторы і рэальнасьці. Першую частку «Заблоцкіх»
яму яшчэ ўдалося надрукаваць, другая пісалася ў
ссылцы, гэтая аповесьць так і не была завершаная —
але нягледзячы на гэта Лукаш Калі-Юга пасьпеў
стварыць сьвет досыць жыцьцяздольны, каб той
змог выжыць пасьля сьмерці аўтара і загаварыць.
Часам даводзіцца чуць, што Баркаўцы, дзе За-
блоцкія і іх суседзі пражываюць свае «сто гадоў
адзіноты», усё ж ня цалкам выдуманае месца, а
наноў расфарбаваная аўтарам ягоная родная вёска
Скварцы. І што Хлюпск — не такі ўжо і Хлюпск, а
знаёмы нам з маленства горад-герой Мінатаўрск,
які прысутнічае на кожнай мапе. Так могуць казаць
толькі людзі, якія не глядзелі перадачу «Як гэта
працуе» і не разумеюць законаў функцыянаваньня
літаратуры. Зь літаратуры нічога нельга дазнацца.
Сьмешна вывучаць па літаратурных творах гісторыю
з геаграфіяй ці, страшна сказаць, палітыку. Кожнае
апісанае ў паэзіі або прозе паселішча суадносяцца з
рэальнымі гарадамі, шабанамі і вёскамі, як герогліф
з набранай курсівам кірыліцай. Нам павінна быць
184 гамбурскі рахунак бахарэвіча Лукаш Калюга 185
напляваць, ці існавала ў сапраўднасьці Маконда і
колькі праўды пра Стамбул і Карс у кнігах Памука.
Кнігі пішуцца не для гэтага.
Некалькі пакаленьняў Заблоцкіх праходзяць у
аповесьці падрабязную аўтарскую інвэнтарызацыю.
Тыя шматлікія дробныя падзеі, якія адбываюцца зь
імі, падаюцца лягічнымі, жыцейскімі — але толькі
на першы погляд. Насамрэч існаваньне ўсіх гэтых
бедных Вінцэнтаў, Юсіпаў, Пархімаў, Савостаў,
бацькоў, жанок, дзяцей, суседзяў, настаўніка Зуб-
рыцкага і гэтак далей увесь час залежнае ад іра-
цыянальных сілаў — таму ад першага да апошняга
слова, якое пасьпеў напісаць аўтар, над сям’ёй, над
родам Заблоцкіх вісіць нейкі праклён марнасьці. Усё
адно ўсё будзе ня так і пойдзе не туды. Эпіграф да
аповесьці — вусьцішны дыялёг пра сэнс гэтага ня
надта пэўнага існаваньня.
«— Такі ж нешта робім?
— Каб мы ня ведалі, што мы робім, дык мо б не
рабілі».
І гэтых людзей зьбіраліся далучыць да будаўніц-
тва новага сьвету… У выніку — дзеяньне дзеля
дзеяньня, навізна дзеля навізны без надзеі на вызна-
ньне новай веры. Адзінота перамагае: бацькі адда-
юць дзяцей вучыцца, спрабуюць прыстроіць «недзе
каля паноў», хаця і самі не разумеюць, навошта; а
мацяркі зь іхнай інтуіцыяй супраць: усё падман; а
дзецям, здаецца, усё адно — а ў выніку ніхто так і
не адужае вялікай, самадастатковай баркаўцоўскай
адзіноты.
Адукацыя, культура, усё «гарадзкое» ў Калюгі
паўстае ледзьве не заганным: прынамсі, настолькі
чужым, што людзі прызнаюць іх нібыта празь сілу і
ў любым выпадку сумняваюцца, што камусьці ў Бар-
каўцах гэта патрэбна. Сьляпому імкненьню да «пан
скага хлеба» (гарадзкой культуры) проціпастаўлены
«парадачак» — такі, як у Юсіпа Заблоцкага. Кожны
замах на яго ўспрымаецца падазрона. Старэйшыя
баркаўцоўцы адчуваюць сваім зьвярыным нутром,
што ім кінуты выклік, што праз той кавалак зямлі,
на якім стаяць Баркаўцы, праходзіць — штох-
віліны пашыраючыся — расколіна, а што рабіць,
ня ведаюць. Спрабуюць падмануць яе дзеяньнем.
Проста так, каб рукі склаўшы не сядзець. Ня будзь
салодкім, а то праглынуць, ня будзь горкім, а то
заплююць, любяць казаць у Баркаўцах мясцовыя
аматары залатой сярэдзіны. Нават на вайну Бар-
каўцы спазьняюцца. Куды ім. Для вялікай гісторыі
іх нібы не існуе.
Баркаўцы, гэтаксама як Маконда, ледзь ня ўвесь
час падуладныя воднай стыхіі. Размытыя вуліцы,
вільгаць, вада, сырасьць, вогкасьць, балоцістасьць
вечнай нізіны. Ужо сама прыпавесьць, пакладзеная
ў аснову твору, пра Заблоцкага, які, спрабуючы
падмануць мытнікаў, прывязвае свой каштоўны
груз — сто пудоў мыла — да днішча карабля, і мыла
ўрэшце размываецца, пагружае тэкст у водную
стыхію. Баркаўцы — гэта выспа, ня Выспа Беларусь,
што гучыць больш горда, чым хацелася б — але
бедная, нядольная і неадольная беларуская выспа,
адна з тысячаў. Адзінота кожнай унікальная, як
гаворка ці арнамэнт. Іхнае аб’яднаньне — сьветлы
і чысты міт. Калюга — гэта такое дыялектнае слова,
якое азначае лужыну, казалі калісьці выкладчыкі. А
мне ўсё адно чулася ў псэўданіме аўтара Заблоцкіх
Калі-Юга — найгоршы век, эпоха, на тры чвэрці
складзеная зь беззаконьня. Час, у які жыў Калюга і
працягваем жыць мы з вамі.
«Нядолю Заблоцкіх» называюць першым творам
у стылі магічнага рэалізму. Напэўна, так і ёсьць. Але
186 гамбурскі рахунак бахарэвіча Лукаш Калюга 187
ці бывае наогул іншы, не-магічны рэалізм? Сьвет
Заблоцкіх працуе, жарэ, кахае, грае на цымбалах,
гаворыць вялікія і малыя словы. Але тут жа: нейкія
зялёныя ўспышкі, містыка, Езус без нагі, якога час-
туюць лазою, загадкавыя фармазонскія птахі, якіх
малюе Клемка, рыба, якая можа згніць на кручку,
бо рыбак пра яе так і ня ўспомніў, шапкі, якімі
зьбіраюцца закідаць японцаў, дубовыя лінейкі, якія
зношваюцца за год, пагуляўшы па пальцах вучняў,
труна, якую робіць сабе Гіляры Змышлевіч, а ў дада-
так яшчэ і надмагільны помнік, на якім прыгожымі
польскімі літарамі стаіць ягонае імя… І ніхто асаб-
ліва не зьдзіўляецца. Такая, маўляў, рэальнасьць.
Побач з Заблоцкімі і іхным атачэньнем у апо-
весьці вельмі актыўна дзейнічае яшчэ адзін герой.
Гэта — аўтар. Ні ў водным іншым творы Калюгі
ён так не шчыруе і не размаўляе з чытачом так
шмат і так шматзначна. Чытач «Заблоцкіх» мусіць
пачувацца кімсьці накшталт інспэктара, важнай
«праверкі» з гораду. Аўтар водзіць яго па Баркаўцах
і ваколіцах, перабірае нагамі, лісьлівіць, балбоча,
робіць нібыта ўсё, каб спадабацца і не пакінуць
сумневу ў сваёй добранадзейнасьці. А насамрэч
зьдзекуецца зь няпрошанага госьця, са штампаў, з
сучаснасьці, з татальнага кантролю і страху, з новых
панічоў-камуністаў і камсамольцаў. Калі пазьбіраць
ягонай балбатні па тэксьце хаця б малы кошык,
атрымаецца такі зьедлівы маналёг:
«Нагінайцеся, нагінайцеся, таварыш чытач! Ня
варта хаджаламу чалавеку ссадзіць лабэціну ў нізкіх
вінцэнтавых дзьвярох… Вы ж не захочаце, можа, у
столь галавою ўпёршыся стаяць… Калі вы, таварыш
чытач, нікуды ні на які сход не сьпяшаецеся, ніякага
дакладу, справаздачы, спрэчак ня маеце на гэты
час… Усялякія ночы бываюць, таварыш чытач…
Мы з вамі, таварыш чытач, бязбожнікі — дык нам
да гэтага што?…»
Магчымасьці зьедліва пасьмяяцца з «таварыша
чытача», не даючы яму разабрацца што да чаго,
аўтар прамінуць ну ніяк ня можа. Бо гэта апошняя
магчымасьць, «праверка» ўсё адно павінна выкрыць
шкоднікаў, і аўтар не ўратуецца. І ў «Хлюпскім
весьніку» выйдзе артыкул пра тое, як доблесныя
супрацоўнікі мясцовай мытні выкрылі партыю
кантрабанднага мыла. Вось аўтар прыпыніўся на
хвілінку ў сваіх брудных ботах, зірнуў на месяц і
ажно заходзіцца ў праведным гневе, паказваючы
на той месяц пільнаму таварышу чытачу:
«П’яны, хісткі месяц выйшаў быў на неба за сваёй
работаю… Нам, цьвярозым сьмешна. Калі гэта даў-
ней, яшчэ за капіталізмам — хай сабе!.. Але ў наш
гарачы будаўнічы час мы б іначай глянулі на гэта:
ён не таптаў бы наш сацыялістычны мурог — узялі
б мы пад суровую самакрытыку такія шкодніцкія
праявы. Мы цяпер паглядзелі б, што там: сапраўды
круглы, вясёлы, радасны твар ці, можа, гэта ў яго
толькі адна маска?»
І партайгеносэ чытач задзірае галаву. Не разуме-
ючы, што і ён сам для Баркаўцоў — толькі халодны
месяц, непазьбежны, трохі п’яны і хісткі ад праста-
вону і запівону ў сельсавеце, але мінучы і часовы,
як і кожнае нябеснае сьвяціла. Такога можна пад-
мануць. Было б мыла, быў бы карабель.
Альгерд Бахарэвіч. Гамбурскі рахунак Бахарэвіча.
(Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе.) — Радыё Свабодная
Эўропа / Радыё Свабода, 2012. 428 с.: іл.
Заснавальнік і каардынатар сэрыі
Аляксандар Лукашук
Рэдактар Сяргей Шупа
Мастак Генадзь Мацур
«Гамбурскі рахунак Бахарэвіча» — суб’ектыўны погляд
пісьменьніка на беларускую літаратурную клясыку. У кнігу
ўвайшлі больш за паўсотні эсэ, прысьвечаных яе самым
вядомым постацям: ад Гусоўскага і Багушэвіча да Шамякіна
і Быкава.
У кнізе выкарыстаныя фатаздымкі з фондаў Беларус-
кага дзяржаўнага архіву-музэю літаратуры і мастацтва
(БДАМЛМ), Анатоля Клешчука, асабістых архіваў сям’і
Адамчыкаў, Лявона Юрэвіча, творы Арлена Кашкурэвіча і
Заіра Азгура.
© Alhierd Bacharevič, 2012
© Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2012
FOL
Выдавец І. П. Логвінаў
ISBN 978-0-929849-50-8 (Радыё Свабода)
ISBN 978-985-562-012-0 (Выдавец І. П. Логвінаў)
https://www.svaboda.org/a/30185879.html