Станькаўскі сельсавет – своеасаблівая “візітоўка” нашага раёна. Цэнтр экалагічнага турызму “Станькава”, магіла Валянціны Мінскай – з розных куткоў Беларусі імкнуцца сюды турысты і паломнікі. Якое ўражанне застаецца ў іх пасля знаёмства з Дзяржыншчынай? Каб адказаць на гэта пытанне, дастаткова ўбачыць утульныя паселішчы, дагледжаныя сядзібы, чысціню і парадак, што пануюць вакол. І ў гэтым заслуга не толькі кожнага дбайнага гаспадара, але таксама і мясцовай улады, для якой дабраўпарадкаванне – пытанне, як кажуць, нумар адзін.
“Нашы людзі – малайцы, – заўважае пры сустрэчы старшыня Станькаўскага сельвыканкама Людміла Канстанцінаўна Шышко. – Без лішніх напамінаў клапоцяцца, каб чыста і прыгожа было як на ўласнай сядзібе, так і вакол яе, і ўжо другі год запар не чакаюць нашых прадпісанняў. Наадварот, калі, напрыклад, па пэўных прычынах затрымліваецца вываз смецця, самі звоняць, турбуюцца, нагадваюць. Адным словам, людзі мяняюцца, не застаюцца абыякавымі да пытанняў дабраўпарадкавання”.
40 населеных пунктаў, 3340 жыхароў – Станькаўскі сельскі Савет адзін з самых вялікіх, два гады таму ў яго склад была ўключана і тэрыторыя былога Ляхавіцкага сельсавета. Як усюды паспець, справіцца, усё дагледзець? Без дапамогі старастаў вёсак старшыні не абысціся. Сярод самых надзейных, актыўных памочнікаў – Вольга Кулікоўская і Лілія Каралінская, Людміла Кастарэнка, Ганна Таракан і Тамара Бірыла. Разам, агульнымі намаганнямі праблемы, безумоўна, вырашаць лягчэй, у тым ліку і пытанні навядзення парадку на зямлі.
“А як знаходзіце ўзаемаразуменне з так званымі “дачнікамі”, гаспадарамі сядзіб часовага пражывання?” – адрасую чарговае пытанне старшыні. “Не лічу, што гэта – не мае людзі, – адказвае Людміла Канстанцінаўна. – Толькі ў адзінкавых выпадках узнікаюць складанасці. Галоўнае, з кожным чалавекам па-добраму пагаварыць”. Сапраўды, дзякуючы вясковым гараджанам сучасная вёска набывае новае аблічча. Ландшафтны дызайн, малыя архітэктурныя формы, незвычайныя расліны і кветкі – карэнныя месцічы таксама імкнуцца не адставаць ад “моды”, што прыходзіць з гарадоў, і ўсе яны – і вяскоўцы, і тыя, хто жыве тут з вясны да восені – разам робяць паселішчы сельсавета яшчэ больш прыгажэйшымі.
Прысуджэнне звання “Дом узорнага ўтрымання”, конкурс на лепшую сядзібу, у тым ліку творчую, свята вёскі – такія мерапрыемствы разлічаны на тое, каб кожны гаспадар быў зацікаўлены ў дабраўпарадкаванні.
Сістэмная работа, што праводзіцца тут на працягу многіх гадоў, дае плён. Наладжаны сувязі з гаспадаркамі, размешчанымі на тэрыторыі сельсавета: філіялам “Пяці-гор`е” ААТ “Агракамбінат “Дзяржынскі”, ААТ “Негарэльскае”, філіялам “ММК-Агра”. Па словах старшыні, услед за Станькаўскай, “падцягваецца” і Ляхавіцкая зона, дзе спачатку не ўсё было лёгка і проста.
Безумоўна, праблем, як і ва ўсіх, заўсёды хапае. Напрыклад, з той жа экалагічнай свядомасцю, культурай паводзін асобных грамадзян. Дабраўпарадкавалі, заўважае Людміла Шышко, зону адпачынку ля Станькаўскага возера – і літаральна на наступны дзень хуліганы “пастараліся”, каб ад прыгажосці мала што засталося. Сачыць за чысцінёй і парадкам на 21 могілках (столькі больш няма ні ў адным іншым сельсавеце) – таксама абавязак сельвыканкама.
Справіцца з мноствам клопатаў, вырашыць надзённыя пытанні, знайсці падыход да кожнага наведвальніка, вяскоўца – у гэтым Людміле Канстанцінаўне Шышко, якая, дарэчы, працуе ў сельсавеце ўжо 33 гады, дапамагае яе дружны, зладжаны калектыў. Наогул, яна ўдзячна лёсу за тое, што ў жыцці ёй шанцавала на цудоўных людзей. Разам з імі – аднадумцамі, прафесіяналамі, мудрымі і шчырымі дарадцамі – можна адолець любую справу. У тым ліку надаць роднай вёсцы новае аблічча і зрабіць свой сельсавет адным з прыгажэйшых у раёне.
Ірына ДРАБЫШЭЎСКАЯ.